Трэцяя велікодная нядзеля, год А (4.05.2014)
«Вось двое з іх вучняў у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. А калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. І Ён сказаў ім: “Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?” І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: “Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні”. Ён спытаў іх: “Што?” Яны сказалі Яму: “Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Ця-пер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некато-рыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі”. Тады Ён сказаў ім: “О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, кааб увайсці ў сваю славу?” І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго. Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: “Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае”. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: “Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?” І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: “Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону”. Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба». (Лк 24, 13–35)
Наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі…
Евангелле пра вучняў, якія крочаць у Эмаус. Варта часта чытаць гэты тэкст, асабліва цяпер, у велікодны час. Польскі кампазітар Пётр Рубік у кантаце Tu es Petrus (Ты Пётр-Скала), да паэтычнага тэксту напісаў музыку, вельмі ярка адлюстраваўшы гэтае здарэнне. Варта паслухаць гэтую кампазіцыю.
Некалькі разоў у спеве апаядаецца, што тыя вучні, якія вельмі шмат часу правялі разам з Панам Езусам, не пазналі Яго, калі Ён далучыўся да іх у дарозе. Фра Анжэліко напісаў фрэску, намаляваўшы двух дамініканцаў, якія ідуць у Эмаус. Можна ўявіць любога з нас на іх месцы: як мы з таварышам ідзем да свайго Эмаусу. У Евангеллі шлях у Эмаус скончваецца хэппі-эндам. Але толькі таму, што «яны настойвалі, кажучы: Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». У польскім перакладзе выкарыстоўваецца слова «прымусілі», і гэта выклікае здзіўленне: Бога ж немагчыма ні да чаго прымусіць. Аднак «Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей» — так Езус выпрабоўвае вучняў. Варта ўзгадаць іншае слова, якое Езус вымаўляе на крыжы: «Прагну». У кантэксце, калі «прымус» Езуса з’яўляецца адказам на Яго прагненне, няма ніякага прымусу, а ёсць сугучнасць сэрцаў, чаканне аднаго і таго ж. У нашым жыцці таксама здараецца, што мы прымушаем некага, каб учыніць яму дабро. Аднак нельга нікога прымушаць насуперак яго волі. Калі ж прымус суадносіцца з чаканнямі асобы, да якой мы звяртаемся, з’яўляецца сугучнасць сэрцаў, якая выклікае радасць. Такі момант можа аказацца вельмі важным у нашым жыцці і стаць сустрэчай з самім Богам.
Але часта здараецца і так, што ў нас не стае ахвоты, натхнення, а можа і звычайнай чалавечай любові і чуласці да бліжняга, каб прымусіць яго прыняць тое дабро, якога ён ад нас чакае. Такая замкнутасць можа перашкодзіць сустрэчы з жывым Богам. Што рабіць, каб не праспаць час, калі трэба прымусіць бліжняга ўвайсці пад дах нашай хаты? Перадусім, трэба ўзрастаць у веры. А верыць — значыць быць перакананым у тым, што калі я клапачуся пра чалавека — бліжняга, я раблю паслугу самому Богу. Не забываймася і пра тое, што Бог ніколі не дасць пераўзысці сябе ў шчодрасці і ўдзячнасці за ўчыненае дабро, якое мы робім Яму ў нашых бліжніх.
Айцец Раман Шульц OP