Пятая велікодная нядзеля, год А (18.05.2014)

«“Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце”.

Кажа яму Тамаш: “Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?” Езус сказаў яму: “Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі”.

Філіп кажа Яму: “Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам”.

Адказаў яму Езус: “Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: «Пакажы нам Айца?» Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца» (Ян 14, 1–12).

Цвёрда і мякка

«Хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца». Ты ведаеш каго-небудзь, хто б размаўляў з іншымі так, як Езус? Ты ведаеш каго-небудзь, хто ўмее глядзець з такой любоўю, як Езус? Ты ведаеш каго-небудзь, хто аздараўляе так, як Езус? Ты ведаеш каго-небудзь, хто аддасць жыццё за свайго сябра так, як Езус? А можа, ты сам — такі чалавек, які размаўляе, як Езус, умее глядзець на людзей, як Езус, аздараўляе моцай Духа Святога, як Езус, штодзённа аддае жыццё за сваю жонку, дзяцей, сяброў, бацькоў, як Езус? Ты ні з кім падобным асабіста не знаёмы? А можа, ведаеш двух-трох такіх людзей? А колькі ў цябе знаёмых вернікаў-хрысціянаў? А ты сам? Крыху сорамна адказваць: «Я размаўляю, гляджу, аздараўляю і аддаю жыццё, як Езус. Я раблю большыя рэчы, чым Ён». Сорамна можа быць толькі тады, калі мы хлусім. Калі ў нас сапраўды няма такіх знаёмых, якія жывуць, як Езус. Калі я сапраўды і сам не раблю справаў, якія рабіў Езус, варта запытацца: што здарылася з маёю, тваёю, нашаю вераю? Можа варта прызнаць, што мы — людзі няверуючыя? Я не ведаю, можа, гэта занадта сурова, але словы Езуса гучаць адназначна.

Сказаць праўду можа быць балюча, але гэта дазваляе нам убачыць, дзе мы знаходзімся на дарозе жыцця. Гэта дазваляе нам ступіць на шлях адкрыцця праўды. Паслухайма: «Я — дарога, і праўда, і жыццё». Дарога, праўда, жыццё — гэта рухомыя рэаліі, якія заўжды знаходзяцца ў развіцці. Я магу знаходзіцца на дарозе і стаяць на месцы, а магу ісці па дарозе, тады я рухаюся. Немагчыма ўсвядоміць усю праўду, можна толькі паглыбляцца ў яе. Паўнатою жыцця з’яўляецца толькі Ён. Я жыву настолькі, наколькі пазнаю і люблю Яго.

Можа, наш адказ на пытанне зменіцца. Я знаходжуся толькі на пачатку сваёй веры ў Хрыста, у пачатковым класе. Мая вера развіваецца, змяняецца, паглыбляецца, яна дынамічная. Я знаходжуся на дарозе, адкрываю праўду і вучуся любіць Езуса і жыць Ім. Аднак пачатковыя класы і школьнае навучанне наогул трываюць толькі некалькі гадоў, а пазней пачынаецца дарослае жыццё.

Айцец Тамаш Міка OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней