Чацвёртая Велікодная нядзеля, год А (11.05.2014)

«“Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых”. Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім. Тады Езус зноў сказаў: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку”» (Ян 10, 1–10).

Мэты і сродкі

Нядаўна я дзесьці прачытаў пра самы дарагі стэйк у свеце. Ён каштуе шмат не таму, што неяк асабліва гатуецца, а таму, што кароваў, ад якіх бяруць мяса, гадуюць асаблівым чынам. Каб мяса было такой дасканалай якасці, гаспадары дбаюць пра добрае самаадчуванне жывёлаў, не толькі кормяць іх найлепшым чынам, але і ставяць слухаць класічную музыку. Штодня каровам робяць масаж, дзякуючы якому іх цела расслабленае, добры крываток і зварот рэчываў…

Можа нехта наіўны і скажа, што гэта рай для кароваў. Але ж мы ведаем, што гэтак дбаюць не пра добрае самаадчуванне кароваў, а пра высокую якасць іх мяса. Як і ў звычайнай гаспадарцы, кароваў забіваюць і выкарыстоўваюць мяса па прызначэнні.

На жаль, часта і міжчалавечыя адносіны асабліва не адрозніваюцца ад гэтай цудоўнай фермы. Часам мы глядзім на іншых людзей, як на сродак для дасягнення пэўнай мэты, як на шанец, які трэба выкарыстаць. Няхай нас не падманвае знешняя эксклюзіўнасць — часта мы дбаем не пра дабро іншага чалавека, а пра тое, для чаго ён можа нам прыдацца.

І ў гэтым кантэксце Пан Езус кажа, што Ён — добры пастыр. Ён бачыць у чалавеку не сродак, а толькі аб’ект сваёй любові. Бог сапраўды не хоча намі карыстацца! Ён жадае адарыць нас дабром і жыццём. У Ім няма крывадушнасці, Ён — крыніца любові.

Толькі застаючыся ў любові Езуса, мы можам адпаведна з ёй будаваць адносіны з людзьмі. Толькі тады мы будзем глядзець на іншых не як на сродак, а як на мэту любові. Тады нашыя адносіны, перамененыя любоўю Хрыстовай, сапраўды будуць Божай аўчарняй і Божым Валадарствам сярод нас ужо тут, на зямлі.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней