Алкагалізм маці і яго шкодны ўплыў на дзіця

Аб шкоднасці ўжывання алкаголю напісана шмат кніг, але выданняў, якія распавядаюць пра праблему злоўжывання алкаголю цяжарнымі жанчынамі, безумоўна, замала. Дапускаем, што шмат каму ўвогуле невядомы англійскі тэрмін Fetal Alcohol Syndrome (фетальны алкагольны сіндром (ФАС), або алкагольны сіндром плода), які можна перакласці на нашу мову наступным чынам — пасляалкагольнае пашкоджанне плода. ФАС — гэта спалучэнне прыроджаных псіхічных і фізічных дэфектаў, якія ўпершыню праяўляюцца пры нараджэнні дзіцяці і застаюцца ў яго на ўсё жыццё. ФАС — пажыццёвае парушэнне, якое не мінае з узростам. Шмат людзей не задумваецца пра тое, што вынікам дрэнных паводзінаў жанчынаў у час цяжарнасці можа быць нараджэнне дзіцяці, насычанага, падобна губцы, алкаголем. ФАС з’яўляецца галоўнаю прычынаю парушэння разумовага развіцця.


Цяжарнасць і ўжыванне алкаголю

Вядома, што найбольш небяспечным перыядам для дзіцяці з’яўляецца першы трыместр цяжарнасці.

У гэты час ідзе хуткае развіццё дзіцяці, вырастаюць канечнасці, пачынаюць працаваць сэрца і мозг. Усялякія, нават найменшыя пашкоджанні функцыянавання могуць быць трагічнымі і прывядуць да непапраўных зменаў. Менавіта таму ўрачы заклікаюць жанчынаў захоўваць гігіену свайго жыцця.

Плод не мае здольнасці выдалення алкаголю, таму алкаголь канцэнтруецца найбольш у матцы, чым у іншых частках арганізма.


Пасля кожнай чаркі маці плод знаходзіцца ў ап’яненні даўжэй, чым яна

Калі колькасць алкаголю перавышае тую, якую можа змясціць печань жанчыны, ён пачынае кружыць па ўсім арганізме дзіцяці і найбольш канцэнтруецца ў яго мозгу. Гэта можа парушыць гарманальную раўнавагу, здольнасць пупавіны пераносіць кісларод, а таксама прывесці да пашкоджання мозгу дзіцяці. Алкаголь абязводжвае арганізм, нішчыць сценкі тканак і, магчыма, таму мозг немаўляці, маці якога ўжывала алкаголь, высушаны і маленькі. Вада высмоктваецца з клетак, алкаголь забівае іх альбо парушае іх дзейнасць. Каляплодныя воды становяцца месцам для збору алкаголю.

З эксперыментальнага аналізу мозгу вынікае, што ў жанчын з выяўленым ФАС парушаецца развіццё клетак, блакуецца частка кары мозгу, адказная за інтэлект. Алкаголь справядліва называюць taratogen, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае рабіць пачвару (паталогія).

Дзіця жанчыны, якая піла, увогуле не мае шансу нарадзіцца цалкам здаровым. Нованароджаныя з ФАС могуць быць разгубленыя, нервовыя, неадэкватна рэагуюць на гукі і часта пакутуюць ад бяссонніцы.


Фетальны алкагольны сіндром (ФАС)

ФАС распазнаецца па:

  1. прэнатальных і пасляродавых цяжкасцях развіцця;
  2. памяншэнні росту і вагі цела як пасля нараджэння, так і ў пазнейшым перыядзе развіцця;
  3. дэфармацыі галавы і твару — маленькая галава, маленькія вочы, звужаны разрэз вачэй, тонкая верхняя губа, кароткі нос, пляскаты твар, вузкая ніжняя чэлюсць, несіметрычныя вушы;
  4. пашкоджанні нервовай сеткі, якія выяўляюцца праз запозненае развіццё, эмацыйныя выбухі і нізкі інтэлект.

Прызнана, што ФАС ёсць у цяжарных жанчын, якія альбо злоўжывалі алкаголем альбо залежалі ад яго. Быў заўважаны таксама канкрэтны ўплыў спантаннага ўжывання алкаголю ў найбольш небяспечны для зародка час, гэта значыць у першым трыместры цяжарнасці. Аднак да гэтага часу не магчыма дакладна выявіць, якая колькасць алкаголю ўплывае на тое, каб стаць вязнем ФАС. Гэта залежыць ад генетычнага коду, метабалізму і супрацьстаяння арганізма жанчыны. Вядома, што ў найбольшай небяспецы знаходзяцца алкагалічкі. Дзеці алкагалічак маюць запозненае развіццё. Дзеці, маці якіх пілі спантана ў першыя тры месяцы цяжарнасці, былі таксама меншыя і слабейшыя, аднак не ў аднаго з іх не было заўважана ўсіх праяваў ФАС.

За нармальнае развіццё дзіцяці нясе адказнасць маці, аднак палова адказнасці ляжыць і на бацьку. Да недаразвіцця дзіцяці прыводзяць не толькі паталагічныя змены ў генах і арганізме жанчыны. Ужыванне алкаголю  бацькам — пастаяннае альбо пры нагодзе — таксама можа прывесці да генетычных зменаў у арганізме дзіцяці. У выніку злоўжывання алкаголем сперматазоіды таксама становяцца паталагічнымі і не такімі рухавымі, як у здаровага мужчыны.


Змены ў развіцці дзіцяці, выкліканыя алкаголем

Найбольш бачнае недаразвіццё інтэлекту. Дзеці з адзіночнымі праявамі ФАС цяжэй засвойваюць табліцу множання, маюць цяжкасці з вызначэннем часу, са сваімі паводзінамі ў грамадстве. Іх недаразвітасць выяўляецца ў пастаянным ківанні галавой альбо ўсім целам, нязграбнай постаці.

Людзі з відавочна выяўленым ФАС няздольныя ацаніць сітуацыю і свае паводзіны ў ёй. Часта паўтараюць памылкі, якія раней ўжо давалі негатыўныя вынікі. Яны не могуць самастойна кіраваць сваім жыццём. Здараецца, што ўжываюць словы, якіх не разумеюць і з-за гэтага могуць здавацца разумнейшымі, чым ёсць на самай справе. Маюць вялікія цяжкасці з наладжваннем нармальных кантактаў з іншымі людзьмі, але не могуць адмовіцца ад іх, бо вельмі лёгка паддаюцца ўплыву. Ім не хапае ведаў і сілы волі, каб скончыць тое распачатае заданне. Вельмі часта маюць цяжкасці з вывучэннем правапісу і чытання, маюць слабую памяць і няздольныя доўгі час быць уважлівымі. Настаўнікі гэтых дзяцей лічаць іх вельмі сімпатычнымі, аднак ведаюць, што ім патрэбны асаблівы нагляд з прычыны схільнасці да бадзяжніцтва. Цяжка сказаць, якога этапу развіцця можа дасягнуць дзіця, закранутае ФАС. Шмат гэтых дзяцей вучыцца ў спецыяльных школах.

Варта задумацца над тым, у які момант педагогі і ўрачы павінны звярнуць увагу на такіх дзяцей. Найбольш трагічнае тое, што дзеці з ФАС не маюць у гэтым уласнай віны. Яны нясуць крыж за памылкі, якія зрабілі іх бацькі.


Прафілактыка сярод жанчын

У літаратуры на тэму ФАС змешчана інфармацыя, якая можа быць распаўсюджана сярод жанчынаў:

Калі думаеш, што можаш стаць цяжарнай, не ўжывай алкагольных напояў. Кожная кропля алкаголю, якую не вып’еш, павялічыць твой шанс нарадзіць здаровае дзіця. Нават роды будуць больш бяспечнымі, калі ты будзеш заставацца цвярозаю. Ніколі не позна кінуць піць.

Зразумела, што такога тыпу інфармацыя не вырашае агульную праблему, звязаную з ФАС. Трэба знайсці прычыну жаночага п’янства. Калі жанчына жыве ў паталагічным асяроддзі, але хоча парваць з ім, трэба выйсці ёй насустрач. Добра было б арганізаваць цэнтры, дзе можна жыць аж да родаў. У такіх цэнтрах павінны працаваць выхавацелі, якія маглі б далей апекавацца дзецьмі.

Праблема ФАС не павінна застацца незаўважанаю. Пра яе нельга забываць, бо яе вынікі непапраўныя.

Падрыхтавана паводле артыкула
Б Ляскоўскай «Школа сям’і», 1/1998

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней