«А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе...»

Сёмая велікодная нядзеля, год А (01.06.2014)

«Сказаўшы гэта, Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: “Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсяму, што Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста. Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. І цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету. Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне. Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, Я ж іду да Цябе”» (Ян 17, 1–11а).

 

«А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе...»

Давайце затрымаем увагу на словах Езуса з сённяшняга евангельскага чытання: «Вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста» (Ян 17, 3), і асабліва на слове «пазнаць» — гэта значыць, на пазнанні Бога. Ёсць тры шляхі для дасягнення гэтай мэты: можна пазнаваць Бога розумам, праз веру і праз любоў.

Адносна разумовага шляху пазнання Бога святы Тамаш Аквінскі на пачатку сваёй «Сумы тэалогіі» піша, што дзякуючы розуму можна пазнаць праўду пра Бога, але гэта даецца нямногім, патрабуе доўгага часу і можа прывесці да мноства памылак.

Другі спосаб пазнання Бога звязаны з вераю. Пан Езус дае патрэбную яснасць для пазнання Бога ў Касцёле, калі мы з вераю прымаем каталіцкае веравучэнне. Для гэтага пазнання існуюць тры крыніцы: Святое Пісанне, Традыцыя (навучанне Езуса, якое не было прамым тэкстам запісанае на старонках Бібліі) і навучанне Сабораў і Папаў. Сінтэз веравучэння знаходзіцца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла.

Аднак глыбіні сапраўднага пазнання Бога можна дасягнуць праз любоў. Езус сказаў: «Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові» (Ян 15, 9–10). Таму сапраўднае пазнанне Бога азначае не толькі веру ў сэнсе ведання, а «веру, якая дзейнічае праз любоў» (Гал 5, 6), гэта значыць ажыццяўленне Езусавага вучэння. Толькі такую пазіцыю можна назваць сапраўдным пазнаннем Бога. Таму, калі мы імкнемся ажыццявіць евангельскае вучэнне і дзве найважнейшыя запаведзі любові, якія выяўляюцца ў васьмі благаслаўленнях, Дэкалогу і малітве «Ойча наш», тады дзякуючы супрацоўніцтву з Божай ласкай у нас адбываецца цуд пазнання Бога праз любоў.

Сёння папросім добрага Нябеснага Айца, каб Ён даў нам ласку пазнаць Божую любоў, і каб мы няспынна ўзрасталі ў веры, якая дзейнічае праз любоў. На гэтым заснаванае вечнае жыццё, у якім мы ўжо тут, на зямлі, прымаем удзел.

Айцец Рамаш Шульц OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней