«А вы кім лічыце Мяне?»

Урачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла, Трынаццатая звычайная нядзеля, год А (29.06.2014)

«Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?” Яны ж сказалі: “Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміем ці адным з прарокаў” Ён сказаў ім: “А вы кім лічыце Мяне?” Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: “Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога”. Тады Езус сказаў яму ў адказ: “Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр [скала], і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе”» (Мц 16, 13–19).

«А вы кім лічыце Мяне?»

Сёння мы святкуем урачыстасць святых Пятра і Паўла, вялікіх Апосталаў, адважных прапаведнікаў Евангелля Езуса Хрыста. Пра тое, як радыкальна яны змянілі сваё жыццё і пайшлі за Хрыстом, сведчыць літургічны колер, ужываны ў гэты дзень, — чырвоны. Святыя Пётр і Павел так моцна даверыліся Езусу, што не вагаліся аддаць за яго жыццё.

У Евангеллі мы чуем два пытанні Езуса, якія Ён скіроўвае да сваіх вучняў. Спачатку Езус пытаецца: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Вучні добра падрыхтаваныя адказваць на гэтае пытанне, бо ўвесь час ходзяць са сваім Настаўнікам і ўжо наслухаліся пра Яго шмат розных чутак. Калі б мы сёння хацелі адказаць на гэтае пытанне, то распавялі б пра тое, кім ёсць Езус у жыцці людзей, якія моляцца разам з намі ў касцёле, альбо як бачаць Яго тыя, хто назірае за вернікамі і сябруе з Касцёлам. Гэта былі б цікавыя і каштоўныя адказы. Кожны мог бы назбіраць іх шмат. Але істотным аказваецца ўсё ж другое пытанне Езуса, на якое адзін Пётр дае дакладны адказ: «А вы кім лічыце Мяне?» — «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога». Можна было б прапанаваць шмат варыянтаў адказаў на гэтае пытанне, выказаных іншымі.  Гэта напэўна вельмі добрыя варыянты, але ўсё ж не асабістыя.  Пётр жа нібы піша тэст і сярод прапанаваных варыянтаў адказаў а) і b), аднак выбірае с), дзе трэба падаць свой варыянт адказу.

Чаму Пётр трапляе адразу ў «дзясятку»? Езус тлумачыць гэта вельмі проста: «Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах». Трэба дазволіць Богу аб’явіцца ў нашым жыцці такім, які Ён ёсць на самай справе, а не такім, якім бачаць Яго іншыя. Не варта  не раздумваючы прымаць прапанаваны варыянт адказу. А каб гэта адбылося, трэба зрабіць да Бога крок праз малітву, сакрамэнты, чытанне Яго слова. Няхай дапаможа нам у гэтым апека двух святых, якія ўжо цешацца, сузіраючы Бога «тварам у твар».

 Айцец Павел Мажэйка OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней