Маёвае набажэнства з «Ave Maria» [аўдыё]. Частка 4

Дарагія чытачы, прапануем вам чацвёртую частку маёвага набажэнства, складзенага з разважанняў на асобныя дні, спяванай Ларэтанскай літаніі, а таксама прапануем малітвы аб спыненні эпідэміі каранавіруса.


Малітва Анёла з Фацімы

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе.

Малітва Анёла з Фацімы да Найсвяцейшай Тройцы

О Найсвяцейшая Тройца — Айцец, Сын і Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага, Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў.

 

Разважанні на розныя дні маёвага набажэнства

Маці Збавіцеля, маліся за нас!

Марыя — Маці Збавіцеля. Не Яна збаўляе, а Хрыстус, але без Яе не было б Яго, а без Яго Марыя не атрымала б збаўлення. Гэта прыгожы парадокс: Той, што нарадзіла Збавіцеля, было неабходнае збаўленне. Логікай нашага свету нельга ахапіць гэтага: Марыя, якой для збаўлення патрэбен Хрыстус, спачатку павінна была Яго нарадзіць, але каб Яна сама магла нарадзіцца і нарадзіць Хрыста, Ён павінен быў збавіць Яе да таго, як нарадзіўся сам.

Збаўлены — гэта той, хто цалкам вольны ад граху і зла, ад справаў д’ябла. І гэта адбылося ў Марыі, бо Яна была зачатая без першароднага граху, як акрэслівае гэтую падзею Касцёл, збаўленне Марыі адбылося дзякуючы заўчасным заслугам таго, што Езус павінен быў зрабіць. Для Бога няма часу, няма «раней» і «пасля», для Яго заўсёды пачатак свету, канец свету і кожны момант нашай гісторыі.

Апроч гэтых складаных тэалагічных развагаў, трэба звярнуць увагу на тое, што значыць стаць Маці Збавіцеля, Маці збаўлення, і чаму гэта важна для нас. Марыя — Маці Збавіцеля, бо заўсёды прабывала з Ім побач і спрычынілася да таго, што Езус стаў Тым, Кім стаў і зрабіў тое, што зрабіў. Яна дапамагла Яго Асобе сфармавацца.

Паматяем, што мы былі збаўленыя праз пакуты, смерць і ўваскрасенне Хрыста, але гэта — вяршыня справы збаўлення. Хрыстус збавіў нас усім сваім жыццём, пачынаючы са свайго зачацця і прыйсця ў свет, уцелаўлення. Гэта, дарэчы, асабліва моцна акцэнтуецца ў Праваслаўнай Царкве. Кульмінацыя гэтай справы, вядома, адбываецца ў падзеях ўкрыжавання і ўваскрасення. Марыя — адна з нямногіх, хто быў побач з Хрыстом у гэты час. Для Яе гэта быў асаблівы час, бо для Маці ўдзел у муках свайго Дзіцяці, смерці і пахаванні — найцяжэйшы досвед. Адсюль вобраз Маці Божай Балеснай, якая церпіць разам са сваім Сынам. Гэта Яе ўдзел у збаўленні, праз гэта Яна стала Маці Збавіцеля. Для нас таксама самы страшны досвед, цярпенне, боль могуць стаць сітуацыямі, у якіх нараджаецца збаўленне. Сутнасць збаўлення, вядома ж, не ў цярпенні. Але звычайна гэта яго неад’емная частка. Калі ў цярпенні мы не трацім надзеі і веры, не адкідаем Бога, а перажываем іх разам з Ім, мы спрычыняемся да збаўлення свету. Калі мы паставімся да свайго цярпення і цярпення блізкіх, як Марыя, — спачуваючы, але не паддаючыся яму, верачы ў тое, што Бог здольны ўчыніць дабро з найвялікшых цярпенняў, і ў тое, што ўсё не можа скончыцца пакутамі і смерцю, мы атрымаем паратунак і збаўленне.  Дзякуючы гэтай веры Яна стала Маці, праз якую ў свет прыйшло збаўленне, і якая дае яго нам. 

Панна наймудрэйшая, маліся за нас!

Мудрасць вызначаецца ў слоўніках як здольнасць выбіраць жыццёвыя мэты і сродкі для іх дасягнення. Гэта два неабходныя кампаненты: нават для дасягнення найлепшай інтэнцыі нельга выкарыстоўваць дрэнныя сродкі, бо крыўдзячы іншых і сябе, добрай мэты дасягнуць немагчыма, і наадварот, добрыя ўчынкі без мэты нараджаюць разгубленасць. Менавіта маму Марыя — Панна наймудрэйшая. Яна цудоўна ведае мэту: заўсёды і ва ўсім пабдабацца Богу, выконваць Яго волю, зрабіць сваё жыццё цалкам падданым Яму. Гэта найлепшая жыццёвая мэта. Марыя дасягнула гэтай мэты, стаўшы Маці Збаўцы, выбраўшы для гэтага найлепшыя сродкі: уважліва ўслухоўвацца ў Божае слова і быць паслухмянаю Богу.

Неабходна навучыцца гэтаму ў Яе: шукаць жыццёвай мэты, слухаючы Бога, які ведае, што будзе добра для нас; прымаць рашэнне, не абапіраючыся выключна на свае пачуцці і на меркаванне іншых людзей. Вядома, гэта ўсё ўплывае на нас, але трэба разглядаць гэта ўсё праз тое, што Пан Бог гаворыць нам у сваім слове, у касцёле, на малітве, у духоўным кіраўніцтве — мноствам розных спосабаў. Марыі таксама не ўсё было зразумела адразу, але Яна слухала Божае слова і разважала над ім у сваім сэрцы. Ёй таксама часам было няпроста слухаць Божае слова, напрыклад, калі паміраў Яе Сын. Напэўна ў гэтым горы Марыі цяжка было ўслухоўвацца ў Божыя словы і пачуць, што смерць Сына — не канец, што Ён уваскрэсне. Мы часта не можам распазнаць волю Бога, бо слухаемся не Яго, а сваіх думак, пачуццяў і перакаанняў на гэты конт. Марыя ж цалкам даверылася Богу, абаперлася на тое, што Ён сказаў.

Каб зразумець, што дапамагала Марыі ўслухоўвацца ў Божае слова і ісці за ім, узгадайма прыпавесць пра мудрых і неразумных дзеваў з 25 раздзела Евангелля паводле Мацвея. Мудрасць дзеваў выявілася ў тым, што яны мелі ў лямпах дастаткова алею — гэта вобраз Божай ласкі, якая падтрымлівае ў нас агонь, жыццё. Менавіта ласка надзяліла Марыю мудрасцю.  Каб быць мудрымі, як Марыя, неабходна ўсімі спосабамі заставацца ў Божай ласцы, бо жывучы ў цемры, у граху, немагчыма пачуць Божае слова і зразумець яго.

Залаты доме, маліся за нас!

Так, як жанчына становіцца домам для зачатага дзіцяці, так і Марыя стала домам для Езуса Хрыста. Па-першае, Марыя фізічна была месцам, дзе прабываў Езус на працягу дзевяці месяцаў, а потым стварыла дом, дзе Ён узрастаў і выхоўваўся. Па-другое, сэрца Марыі стала домам, свабодным ад усялякага граху і бруду, дзе мог заўсёды прабываць Бог. Такім чынам, Найсвяцейшая Панна Марыя фізічна, духоўна і ў пэўным сэнсе метафарычна, была домам для Бога. Аднак чаму гэты дом залаты? Золата заўсёды было сімвалам багацця. Заклік «залаты доме» паходзіць з Бібліі і звязаны са святыняй Саламона, якая ўвайшла ў гісторыю і сёння ўспамінаецца габрэямі, як ідэал найпрыгажэйшай святыні з самымі багатымі аздобамі. Калі мы называем Марыю залатым домам, то хочам падкрэсліць, што яна ўпрыгожаная ўсімі магчымымі «залатымі», духоўнымі дарамі: чысцінёю, мудрасцю, пакораю, дабрынёю, міласэрнасцю...

У Евангеллі мы чытаем словы Езуса «Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх» (Мц 6, 28–29). Лілея, як вядома, сімвалізуе чысціню, а гэта значыць цалкавітую адданасць і вернасць. Хрыстус гаворыць, што ўсе багацці свету з’яўляюцца нічым у параўнанні з такою чыстаю душою, цалкам адданнаю Богу. Найсвяцейшая Панна Марыя была залатым домам, домам лілеяў, якая ва ўсім шукала Божую волю і цалкам была паслухмяная і адданая Богу.  Варта таксама звярнуць увагу, што Езус гаворыць не пра штосьці створанае і пабудаванае, але пра натуральныя лілеі, якія прыгожыя проста таму, што Бог іх такімі стварыў. Найбольш мілы дом для Бога — гэта чалавек, які не прымервае чужыя ролі і не стараецца жыць жыццём іншых людзей, а адкрывае праўду пра тое, якім яго запланаваў і стварыў Бог. Стварыцель адчувае сябе найлепш не ў «штучным канструктары», але ў месцы, якое сам сфармаваў. Марыя — залаты дом і дом лілеяў, бо Яна адкрыла, кім павінна быць, а гэта так спадабалася Богу, што Ён вырашыў там пасяліцца. 

Каўчэг Запавету, маліся за нас!

Каўчэг Запавету ― гэта скрыня, у якой ізраэльскі народ захоўваў тое, што для яго мела вялікае значэнне, напрыклад, скрыжалі з Божымі запаведзямі, манну нябесную, посах Аарона. Для габрэяў Каўчэг Запавету быў найсвяцейшым месцам, дзе захоўваліся найсвяцейшыя прадметы. Так і Марыя насіла ў сабе найсвяцейшы скарб для ўсяго свету ― Езуса Хрыста.

Давайце прыгледзімся бліжэй да зместу Каўчэга Запавету: гэта можа нам штосьці новае расказаць і пра нас саміх. Калі зазірнуць у Кнігу Зыходу, то можна ўбачыць, што Бог даў дакладную інструкцыю, як пабудаваць Каўчэг Запавету: які матэрыял, памеры, дэталі мусяць быць. Штосьці падобнае і з Марыяй: Яна такая, якой Бог Яе задумаў, у Ёй усё гарманічна. Тое, кім Марыя была, што рабіла, як жыла, што казала, як думала, як любіла, як верыла ― усё было такім, як хацеў Бог. Быць Каўчэгам Запавету ― значыць быць такім, якім Пан Бог жадае, каб мы былі, якімі Ён нас стварыў у сваім вялікім прагненні.

 Каўчэг Запавету змяшчаў у сабе скрыжалі з Божымі запаведзямі. Што значыць «насіць у сабе» запаведзі? Гэта значыць быць напоўненымі Божым навучаннем. Яно не па-за мною, яно ўнутры мяне і працуе ўва мне. Быццам так, як Бог абяцаў, што запіша запаведзі на людскім сэрцы. Чалавек, прасякнуты Божым духам, так, як Марыя, жыве не думаючы, што яму можна, а што нельга рабіць. Яго ўласнае сэрца слушна падказвае яму, што вартае, што добрае, што Богу падабаецца, а што не.

Каўчэг таксама ўтрымлівае начынне з маннаю нябеснай. Манна на пустыні ― сімвал патрэбы, голаду, але адначасова і даверу Богу, што Ён абавязкова ў цяжкі час паклапоціцца пра чалавека. Манна габрэям давалася толькі на адзін дзень, потым яны павінны былі даверыцца, што Бог зноў яе дасць. Так і Марыя заўсёды ведала, што Бог паклапоціцца пра Яе. Гэта не разлік на Бога, які забяспечыць чалавеку будучыню, гэта давер, што Ён кожны новы дзень будзе побач і дасць чалавеку ўсё, што трэба. Той, хто «носіць у сабе» гэтую манну нябесную, ― гэта той, хто жыве штодзённым даверам да Бога.

Сухі посах Аарона, які, як сапраўднае дрэва, заквітнеў, паказвае, як нешта сухое і мёртвае можа ажыць. Гэта вялікае Божае абяцанне чалавеку, які будзе жыць з Богам, што ў ім усё ажыве, і нават стане жыццядайным. 

Зорка ранішняя, маліся за нас!

Ранішняя зорка — гэта фізічная з’ява, а больш дакладна ― планета Венера, якую можна ўбачыць на небе раніцай нават падчас усходу сонца, калі ўсе астатнія зоркі ўжо нябачныя. Гэта апошняя зорка прадвяшчае ўзыход сонца і нейкі час «спадарожнічае» яму на небе. Марыя з’яўляецца той, якая прадвяшчала сонца, Езуса Хрыста, бо нарадзіла Яго.

У Пасланні апостала Паўла ранішняя зорка з’яўляецца сімвалам, які прадказвае апошнія часы, калі зло будзе пераможана і наступіць новае неба і новая зямля. У Апакаліпсісе Езус называе сябе ранішняй зоркаю, Прадвеснікам новай рэчаіснасці. Традыцыя ўслед за Езусам называе ранішняй зоркаю Багародзіцу, бо Яна ва ўсім наследавала свайго Сына і навучылася ад Яго таксама быць ранішняй зоркай. Што гэта азначае? Найсвяцейшая Панна Марыя не толькі прадвяшчае непасрэдна Хрыста, Яна таксама прадказвае ўсё тое, што Езус хоча ўчыніць у чалавеку і з’яўляецца вобразам гэтай перамены. Езус прыйшоў у свет, каб аднавіць яго і паказаць, якім павінен быць сапраўдны чалавек: як ён павінен любіць, прабачаць і быць блізка з Богам. У Езусе мы бачым набольш дасканалы вобраз чалавецтва, які адпавядае Божай задуме, таму мы і называем Хрыста Новым Адамам, а Марыю — Новай Еваю.

У святле гэтага закліку варта звярнуць увагу на тое, наколькі мы ўглядаемся ў Хрыста, вучымся ад Яго і з’яўляемся для іншых людзей «ранішняй зоркаю». Варта адказаць сабе на пытанні: ці ў нашым жыцці можна ўбачыць прыкметы праўдзівага жыцця? Ці іншыя людзі могуць у нас убачыць, які чалавек быў у Божай задуме падчас акту стварэння і якім павінен быць адноўлены Божай ласкай? Калі мы заўважаем дабро ў іншым чалавеку, падтрымліваем яго і дапамагаем яму развівацца, то таксама становімся для яго натхненнем і ранішняй зоркаю, якая прадвяшчае перамену да лепшага. 

Падрыхтавалі Юлія Шэдзько, Кацярына Дурко і Вольга Качалка
паводле цыклу відэалекцый «Miriam» айца Адама Шустака OP

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская)

Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, – змiлуйся над намi.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзiны Божа, – змiлуйся над намi.

Святая Марыя, – малiся за нас.
Святая Багародзіца,
Святая Панна над паннамi,
Мацi Хрыстова,
Мацi Касцёла,
Мацi ласкi Божай,
Маці Міласэрнасці,
Маці прачыстая,
Мацi беззаганная,
Мацi непарушная,
Маці нявінная,
Мацi наймiлейшая,
Мацi найцудоўнейшая,
Мацi добрай рады,
Мацi Стварыцеля,
Мацi Збавiцеля,
Панна наймудрэйшая,
Панна, хвалы годная,
Панна праслаўлёная,
Панна магутная,
Панна ласкавая,
Панна верная,
Люстра справядлiвасцi,
Сталiца мудрасцi,
Прычына нашай радасцi,
Святыня духоўная,
Святыня хвалебная,
Святыня слаўная пабожнасцi,
Ружа містычная,
Вежа Давiдава,
Вежа з косцi слановай,
Залаты доме,
Каўчэг Запавету,
Брама нябесная,
Зорка ранiшняя,
Аздараўленне хворых,
Прытулак грэшных,
Суцяшальнiца засмучаных,
Успамога хрысціянаў,
Каралева анёлаў,
Каралева патрыярхаў,
Каралева прарокаў,
Каралева Апосталаў,
Каралева мучанiкаў,
Каралева веравызнаўцаў,
Каралева паннаў,
Каралева ўсiх святых,
Каралева, без граху першароднага зачатая,
Каралева ўнебаўзятая,
Каралева Ружанца святога,
Каралева сем’яў,
Каралева супакою, – малiся за нас.

Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – змiлуйся над намi.

С.: Малiся за нас, Святая Багародзіца.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.

Молiмся: Просім Цябе, Пане Божа, дазволь нам, слугам Тваім, цешыцца трывалым здароўем душы і цела, і праз слаўнае заступніцтва Найсвяцейшай заўсёды Панны Марыі май ласку вызваліць нас ад цяперашняга смутку і адарыць вечнай радасцю. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.

Тваёй абароне

Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная.

О Панi наша, Апякунка наша, Суцяшальнiца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваiм нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай.

Малiтва св. Бэрнарда

Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што нiколi не здаралася, каб пакiнула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамi i Мацi наша, iмкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Мацi Слова, не пагарджай словамi маiмi, але пачуй iх ласкава i выслухай. Амэн. 

 

Малітва аб спыненні эпідэміі каранавіруса

Ойча Спрадвечны, з даверам просім Цябе, учыні, каб гэтая небяспечная хвароба перастала знішчаць людзей, май ласку як мага хутчэй спыніць эпідэмію. Просім Цябе аб аздараўленні для хворых і супакоі для жыхароў мясцовасцяў, у якія прыйшла эпідэмія. Божа, прымі ў сваё Валадарства тых, хто памёр ад гэтай хваробы, і суцеш іх сем’і. Падтрымай і абарані медыцынскіх работнікаў, якія лечаць хворых, натхняй і благаславі ўсіх, хто змагаецца з вірусам. Пане Езу, Лекар нашых душаў і целаў, мы адчуваем сябе бездапаможнымі ў гэтай сітуацыі сусветнай небяспекі, але цалкам давяраем Табе і просім, каб Ты адарыў нас супакоем і здароўем. Маці Божая, ахоўвай нас, апякуйся намі і вядзі нас у любові да Твайго Сына, Езуса Хрыста. Амэн.


Ілюстрацыя: The Nativity, Madonna and Child, Marianne Stokes, (England, 1907-08)
Wolverhampton Art Gallery, UK

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней