Набажэнства першых суботаў месяца — перапрашэннe Беззаганнага Сэрца Марыі
Фота Віталія Палінеўскага

Падчас аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая паабяцала тым, хто будзе перапрашаць Яе Беззаганнае Сэрца ў першыя суботы, што Яна будзе прысутнічаць у хвіліну іх смерці «разам з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення».

Набажэнства павінна праводзіцца на працягу першых пяці суботаў месяца запар, каб перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абразаў, якімі зневажаецца Беззаганнае Сэрца Марыі:

  1. Абраза Беззаганнага Зачацця.
  2. Абраза Яе Дзявоцтва.
  3. Абраза Яе Божага Мацярынства.
  4. Усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці.
  5. Блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.

Набажэнства першых суботаў павінна абудзіць у нас прагу пастаяннага перапрашэння Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей. Тыя, хто практыкуе набажэнства першых суботаў, павінны вучыцца жыць у духу штодзённага перапрашэння, прыклад якога нам даюць фацімскія дзеці.

 

Умовы, якія павінны выканаць тыя вернікі, якія ўдзельнічаюць у набажэнствах першых суботаў месяца


Умова 1. Споведзь у першую суботу месяца

Да споведзі трэба прыступіць у інтэнцыі ўміласціўлення за знявагі Беззаганнага Сэрца Марыі. У наступныя першыя суботы можна прыступіць да споведзі ў інтэнцыі ўміласціўлення за адну з пяці абразаў, пра якія казаў Езус. Інтэнцыю можна назваць падчас падрыхтоўкі да споведзі або перад споведдзю.

Перад споведдзю можна прачытаць наступную малітву:

Божа, прагну прыступіць да сакрамэнту пакаяння, каб атрымаць прабачэнне за ўчыненыя грахі, асабліва за тыя, якімі свядома ці несвядома я прычыніў (прычыніла) боль Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Прагну праз гэтую споведзь атрымаць Тваю, Божа, міласэрнасць для мяне, а таксама для бедных грэшнікаў, каб Беззаганнае Сэрца Марыі затрыўмфавала сярод нас. Амэн.

Умова 2. Святая Камунія ў першую суботу месяца

Пасля прыняцця св. Камуніі трэба ў цішыні абудзіць інтэнцыю ўміласціўлення Беззаганнага Сэрца Марыі. Можна прачытаць наступную малітву:

Найсвяцейшая Панна, Маці Бога і наша Маці! Яднаючыся з Тваім Сынам у св. Камуніі, прагну ўміласціўляць Цябе за грахі людзей супраць Твайго Беззаганнага Сэрца. Нягледзячы на сваю нікчэмнасць і бездапаможнасць, хачу зрабіць усё, каб кампенсаваць за ўсе абразы і блюзнерствы. Прагну, о Найсвяцейшая Маці, шанаваць Цябе і любіць усім сэрцам, бо гэтага чакае ад мяне Пан Бог. І менавіта таму, што я люблю Цябе, я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб усе шанавалі і любілі цябе. А Ты, мая наймілейшая Маці, Прытулак грэшнікаў, прымі гэтае ўміласціўленне, якое я ахвярую Табе, таксама за тых грэшнікаў, хто Цябе абражае і зневажае. Выпрасі ў Бога навяртанне для іх, каб праз дараваную ім ласку яшчэ больш стала бачнай Твая Мацярынская дабрыня, моц і міласэрнасць. Няхай і яны далучацца да гэтай пашаны і праслаўляюць Тваю святасць і дабрыню, абвяшчаючы, што Ты благаслаўлёная паміж жанчынамі, Маці Бога, Беззаганнае Сэрца якой нястомнае ў чулай любові да кожнага чалавека. Амэн.

Умова 3. Ружанец перапрашэння

Умова 4. Разважанне (медытацыя) над таямніцай Ружанца (15 хвілін)

Мы павінны засяродзіцца на разважанні над адной ці некалькіх таямніцах Ружанца (можам разважаць над любой таямніцай).

Фацімскі цэнтр у Польшчы прапануе, напрыклад, наступныя тэмы да разважання над першай таямніцай «Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі» Радаснай часткі Ружанца:

  1. Малітва Вітай, Марыя…
  2. Можна (па жаданні) прачытаць словы з Евангелля ад Лк 1, 26-38.
  3. У засяроджанасці разважаем пра гэтую таямніцу. Можна разважаць на наступныя тэмы:
    а) пра Анёльскае прывітанне, скіраванае да Марыі;
    б) пра словы Найсвяцейшай Панны Марыі Анёлу;
    в) пра ўцелаўленне Сына Божага.
  1. Потым, яднаючыся думкамі і сэрцам з Маці Божай, можна прачытаць Ларэтанскую Літанію.
  2. Завяршаючы медытацыю, неабходна абудзіць духоўную пастанову, напрыклад: буду ўсім сэрцам старацца любіць Найсвяцейшую Маці і кожны дзень ушаноўваць Яе. Буду вучыцца ў Марыі быць паслухмяным (паслухмянай) волі Божай, выканання якой Бог чакае ад мяне кожны дзень. Буду старацца маліцца малітвай Анёла з Фацімы.

Калі медытацыя адбываецца ў касцёле, то можна закончыць яе ўшанаваннем Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўдзячнасцю Пану Богу і Найсвяцейшай Маці.

 

Парадак набажэнства


Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту (калі набажэнства праводзіцца ў касцёле)

С.: Схілім галовы перад нашым Панам, укрытым у таямніцы Найсвяцейшага Сакрамэнту. Няхай усе сэрцы адкрыюцца на прысутнасць Бога. Паўтарайма словы малітвы Анёла з Фацімы:

Малітва анёла з Фацімы

Праслаўленнe Бога

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе. Амэн.

Малітва да Найсвяцейшай Тройцы

О Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы.

З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць.

Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў. Амэн.

Малітва перапрашэння

О праслаўлёная Дзева Марыя, Маці Бога і Маці наша! Узглянь з любоўю на нас, бедных грэшнікаў, якія ў розных пакутах і перажываннях вымушаны выслухоўваць абразы і знявагі супраць Твайго Беззаганнага Сэрца. О, як гэтыя бязбожныя выпады абражаюць Цябе, Беззаганная Панна, адначасова зневажаючы бясконцую веліч Айца і Адзінароднага Яго Сына Езуса Хрыста. Яны зму шаюць Найвышэйшую Справядлівасць да гневу і суровай кары.

Нягледзячы на ўласную мізэрнасць і бездапаможнасць, мы хочам зрабіць усё, каб спыніць гэтыя знявагі і блюзнерствы. О наша Найсвяцейшая Маці, мы прагнем ушаноўваць Цябе і ўсім сэрцам любіць, бо гэтага чакае ад нас Бог. І менавіта таму, што мы Цябе любім, мы зробім усё, што толькі зможам, каб усе Цябе ўшаноўвалі і любілі.

О Наймілейшая наша Маці, Прытулак грэшнікаў, прымі гэтае перапрашэнне ад нас і ад нашых супольнасцяў. Прымі яго таксама як перапрашэнне за тых, хто, не ўсведамляючы, што гаворыць, бязбожна абражае Цябе. Выпрасі для іх у Бога ласку навяртання, каб праз удзеленую ім ласку яшчэ больш выявілася Твая Мацярынская дабрыня, моц і міласэрнасць. Няхай і яны далучацца да гэтай пашаны і разам з намі праслаўляюць Тваю святасць і дабрыню, абвяшчаючы, што Ты — благаслаўлёная між жанчынамі, Каралева паннаў, Маці Бога, Беззаганнае Сэрца якой не стамляецца ў чулай любові да кожнага чалавека. Амэн.


Ружанец перапрашэння за знявагі, учыненыя Беззаганнаму Сэрцу Марыі

Молімся: О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагнем перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абрáзаў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэтае нашае перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвяруючы Табе гэтае наша перапрашэнне, просім прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, ігнараванне і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагнем перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто дазваляе сабе апаганьваць Твае святыя выявы.

Маці Божая, аддаем Табе нашыя сэрцы. Ачысці іх, распалі ў іх любоў. Выпрасі нам святло Духа Святога, каб мы маглі пазнаць волю Божую і выканаць яе з Тваёй дапамогаю.

Жадаючы суцешыць Тваё Беззаганнае Сэрца і дасягнуць спаўнення маіх просьбаў, прагну цяпер памаліцца гэты святы Ружанец.

Частка Ружанца выбіраецца адвольна. Ружанец адгаворваецца як звычайна, толькi ў чарговых дзясятках Ружанца пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца адпаведная просьба:

  1. Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце!
  2. Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва!
  3. Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці!
  4. Захавай і памнож у нас шанаванне і любоў да Тваіх абразоў!
  5. Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе.

Малітва анёла з Фацімы (перапрашaльнaя)
(Чытаецца пасля кожнай таямніцы.)

О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.

Малітва на заканчэнне

Каралева Ружанца святога, наша Фацімская Пані! Дзякую Табе за дапамогу, якую Ты мне аказала. Тваё фацімскае пасланне — гэта праява мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш прывесці на Неба.

Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну, і Духу Святому за гэту поўную велічы Каралеву неба, за Яе фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн. 


Разважанне (медытацыя) над таямніцай Ружанца (15 хвілін)

Мы павінны засяродзіцца на разважанні над адной ці некалькіх таямніцах Ружанца (можам разважаць над любой таямніцай). Для медытацый можна карыстацца тэкстамі з кнігі «Скарб любові. Біблійныя медыіацыі» св. Уршулі Ледухоўскай USJK. 


Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская) 

Тэкст літаніі >>> 


Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Маці Божай

Беззаганная Маці Бога, Твой Сын хацеў, каб мы прынялі Цябе як Маці і каб Ты навучыла нас ісці следам за Ім. Ён жадаў, каб Ты падтрымлівала нас сваёю матчынаю апекаю. Твайму Беззаганнаму Сэрцу аддаём усё нашае жыццё, нашую радасць і смутак. Няхай нашае жыццё стане гімнам праслаўлення Бога.

Прысвячаем Табе сем’і нашага краю. Няхай яны стануць падобнымі да Тваёй сям’і ў Назарэце, каб усе адчувалі і спазнавалі ў іх любоў Бога.

Тваёй апецы аддаём увесь Касцёл, асабліва яго пастыраў. Выпрасі нам у cвайго Сына ласку любові да Касцёла, які так часта на працягу гісторыі праходзіў праз выпрабаванні.

Аддаём Табе дзяцей і моладзь нашай краіны. Выпрасі для нашага народа шматлікія пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. Выпрасі таксама святасць для сужэнцаў.

Даручаем Табе хворых і церпячых. Будзь з намі, калі слабее наша надзея. Заступіся за нас, каб мы станавіліся ўсё больш сумленнымі людзьмі. Твайму Беззаганнаму Сэрцу давяраем нашую сучаснасць і будучыню. Амэн. 

Адпаведны спеў


Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам

Спеў на заканчэнне (напрыклад, «З далёкай Фацімы».)

 

Малітва да Маці Божай Фацімскай (паводле святога Яна Паўла ІІ)

«Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою!»

Благаслаўлёная Ты, Марыя, пасланая Богам у Фаціму. Ты прынесла свету пасланне надзеі, заклік да малітвы і пакаяння, а таксама просьбу аб кампенсацыі за грахі, якія чыняць сучасныя людзі.

У той час, калі паволі набліжаецца спаўненне Тваіх словаў аб трыумфе Твайго Беззаганнага Сэрца, мы, удзельнічаючы ў гэтай навэнне, якая рыхтуе нас да стагадовага юбілею Тваіх фацімскіх аб’яўленняў, звяртаемся да Цябе ў духу любові, пакоры і бязмежнага даверу і, яднаючыся з усім Касцёлам, усклікаем да Цябе: «Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца!».

Сёння стаім перад Табою, наша Маці, Маці нашых сем’яў, Маці людзей і ўсіх народаў. Ты ведаеш усе нашыя цярпенні і надзеі, Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай, якія ўскалыхваюць наш сучасны свет. Просім, прымі нашыя малітвы, скіраваныя ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца, і атулі Мацярынскай любоўю наш чалавечы свет, які мы даручаем Табе, непакоячыся за зямны і вечны лёс нас саміх і ўсіх нашых братоў і сясцёр.

Ты казала са смуткам: «Шмат душаў ідзе на асуджэнне». Сваёй духоўнай дачцэ, Люцыі, Ты тлумачыла, што «сучасны свет заслугоўвае патопу больш, чым у часы Ноя», а ў сваёй фацімскай таямніцы пакінула нам папярэджан- не: сёння свет заслужыў вялікую Божую кару. Толькі Бог можа змяніць ход нашай гісторыі, пакласці канец распаўсюджванню вакол нас цывілізацыі смерці, абудзіць у людзей прагненне будаваць новы, лепшы свет. Як вучні Хрыста, пакліканыя да Яго служэння, стоячы сёння перад Табою, мы прагнем разам з усім Касцёлам з’яднацца перад Тваім Беззаганным Сэрцам у прысвячэн- ні, з якім Твой Сын у любові да нас аддаў сябе Айцу:

«І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе» (Ян 17, 19). Прагнем з’яднацца з нашым Адкупіцелем у гэтым прысвячэнні за свет і за чалавецтва — у прысвячэнні, якое ў Яго Боскім Сэрцы мае моц перапрашэння і кампенсацыі за грахі.

Сёння аддаемся Табе безаглядна, каб кожны з нас быў «цалкам Твой», ажно на вякі, каб нішто не адлучыла нас ад Езуса, Збаўцы свету. Няхай нашае прысвячэнне ў еднасці з прысвячэннем Твайго Сына мае моц перамяніць навакольны свет. Няхай яно агорне ўсіх людзей і дапаможа перамагчы ўсялякае зло, якое дух цемры здольны пасяліць у сэрцы чалавека і ў яго ўчынках, — тое, якое ўжо распаліў у наш час.

Просім Цябе, Марыя! Пакажы нам сваё Беззаганнае Сэрца — шлях, які вядзе сучасны свет да Бога. Просім, «ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды»!

Сярод мноства пагрозаў і няпэўнасці заўтрашняга дня ўсклікаем да Цябе з бязмежным даверам: дапамажы нам перамагчы жудасць зла, якое так лёгка ўкараняецца ў сэрцах сучасных людзей — зла, якое ў невымерных на- ступствах навісла над нашай сучаснасцю і, здаецца, перакрывае дарогі ў будучыню.

Ад голаду і вайны — выбаў нас!
Ад атамнай вайны,
ад самазнішчэння, ад усіх войнаў,
Ад грахоў супраць чалавечага жыцця, пачынаючы зхвіліныяго зачацця,
Ад нянавісці і прыніжэння годнасці дзяцей Божых,
Ад усялякай несправядлівасці ў грамадскім жыцці краіны і ўсяго свету,
Ад невыканання Божых запаведзяў,
Ад спробаў знішчыць праўду пра Бога ў чалавечых сэрцах,
Ад грахоў супраць Духа Святога — выбаў нас!

Прымі, наша Маці, гэтыя нашыя заклікі, напоўненыя цярпеннем усіх людзей, абуджаныя цярпеннем цэлых грамадстваў!

Дапамажы нам моцаю Духа Святога перамагаць усялякі грэх, грэх у кожным яго абліччы: у нас саміх і вакол нас.

Няхай наш дзіцячы давер будзе Тваёю прыладаю, якую Ты выкарыстаеш згодна з Божаю воляю, каб хутчэй настала цывілізацыя любові, каб сярод нас абудзілася вясна хрысціянства і расквітнела святасць жыцця — у нас, нашых сем’ях і ўсіх народах.

Няхай у гісторыі свету яшчэ раз аб’явіцца бязмежная магутнасць Адкуплення — магутнасць міласэрнай Любові! Няхай яна спыніць зло! Няхай пераменіць сумленні людзей! Няхай у Тваім Беззаганным Сэрцы для ўсіх адкрыецца святло надзеі!

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет! Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

 

Суплікацыя

Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, —
змілуйся на намі і над усім светам! (3 разы).


Дадатковую інфармацыю можна ўзяць:
Малітоўнікі «Ойча наш», «Набажэнства першых суботаў месяца» і «Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет».
Сайты: www.ave-maria.by, www.sekretariatfatimski.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней