Немагчыма не маліцца. Падборка малітваў, літаній, навэннаў, каб атуліць імі кожнага беларуса

Дарагія нашыя чытачы, згадзіцеся, у гэтыя дні, калі мы няспынна чытаем навіны пра сітуацыю ў нашай Беларусі, немагчыма не маліцца! Мы заклікаем вас не спыняцца ў размове з Богам. Маліцеся, прасіце спаўнення Божай волі, звяртайцеся да Езуса, Багародзіцы, да ўсіх анёлаў, святых, і прасіце заступніцтва. Памятайце: справядлівы і міласэрны нябесны Айцец побач, Ён з кожным зраненым сэрцам, бачыць нашыя неспакойныя думкі, Ён у нашай салідарнасці і мужнасці. Просім вас, нястомна маліцеся.

Мы прапануем вам некаторыя з малітоўных тэкстаў, якія дапамогуць у нашым духоўным змаганні.


Малітва за Беларусь

Дарагія чытачы, найперш інфармуем вас, што ўся Беларусь лучыцца штодня ў малітве за нашую Айчыну, за наш народ. Адбываецца гэта ў 20:00, у тым месцы, дзе вы знаходзіцеся. Проста памятайце пра гэта і далучайцеся!

Кніга Псальмаў

Біблія - крыніца нашай веры, а таксама дае нам малітоўныя тэксты найбольшай глыбіні. Запрашаем вас чытаць Кнігу Псальмаў і маліцца словамі Святога Пісання.

Святы Ружанец

Гісторыя Касцёла сведчыць, што ў любой цяжкай жыццёвай сітуацыі трэба не выпускаць з рук ружанец. І сапраўды, Багародзіца Марыя рупліва выпрошвае для нас ласкі і дапамогу ў Пана. Таму, дарагія чытачы, не выпускайце з рук ружанца - нашую зброю ў змаганні са злом.

Вяночак да Божай Міласэрнасці

Езус прыходзіць да сваіх братоў і сясцёр з міласэрнасцю, спагадаю і супакоем. Вяночак да Божай Міласэрнасці - гэта верны шлях аддання ў Божыя рукі ўсяго таго, што нас непакоіць, гэта шлях поўнага даверу Богу, нашаму Стварыцелю і Адкупіцелю.

Навэнна да Божай Міласэрнасці

Навэнна ў Касцёле распачынаецца ў Вялікую пятніцу, але ёю таксама можна маліцца ў любы перыяд літургічнага года. Асабліва ў гэтыя дні мы заклікаем вас, дарагія чытачы, маліцца а 15-й гадзіне - гадзіне Божай Міласэрнасці.

«Езу найміласэрнейшы, Ты – сама лiтасць,  увядзі ў святыню Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго ўсе абыякавыя душы. Няхай у гэтым полымi Тваёй чыстай любовi адаграюцца гэтыя зледзянелыя, да мерцвякоў падобныя душы, якiя да гэтага часу выклікалі ў Цябе агiду. О Езу найлiтасцiвейшы, магутнасцю мiласэрнасцi сваёй прыцягнi iх да агню сваёй любовi і адары іх святой любоўю, бо Ты ўсё можаш».

Цалкам - па спасылцы.

Сем ахвяраванняў Крыві Хрыста

«Ойча Спрадвечны, складаем Табе ў ахвяру Найдаражэйшую Кроў, якую Езус праліў на крыжы і кожны дзень ахвяруе на алтары, — за асвячэнне працы і цярпенняў, за бедных, хворых, засмучаных і за ўсіх тых, хто прасіў нас аб малітве».

Цалкам - па спасылцы.

Літанія да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста

Кроў Хрыста, якая сплывала на зямлю пры кананні ў Садзе Аліўным,
     — выбаў нас.
Кроў Хрыста, якая сцякала пры бічаванні,
     — выбаў нас.
Кроў Хрыста, якая сачылася з-пад цярновай кароны,
     — выбаў нас.
Кроў Хрыста, на Крыжы пралітая,
     — выбаў нас.

Цалкам - па спасылцы.

Малітвы да церпячага Хрыста

«Прапануем вашай увазе тры малітвы на ўшанаванне пакутаў Пана нашага Езуса Хрыста. Гэтыя тры Вяночкі будуць добраю таксама ў малітве-перапрашэнні».

Цалкам - па спасылцы.

Ружанец да Крыві Хрыста

«Пане Езу Хрыстэ, просім Цябе за ўсіх тых, хто адчувае недахоп унутранай ці знешняй свабоды. Праз Тваю любоў адары іх моцай, каб маглі ісці наперад, і прымі іх ахвяру як уклад у сапраўднае аднаўленне дзеля прыйсця Твайго Валадарства. Учыні, каб усе мы зразумелі, што кожная няўдача можа стаць здабыткам праз Тваю святую Кроў, якая з’яўляецца крыніцаю сапраўднай чыстасці і любові».

Цалкам - па спасылцы.

Літанія і малітвы да святога арханёла Міхала

Арханёл Міхал — наймагутнейшы і наймужнейшы з анёлаў. Ён з’яўляецца апекуном Беларусі. 

«Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы».

Цалкам - па спасылцы.

Малітва да Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі

«Маці і Каралева наша! Благаславі нашу Бацькаўшчыну! Няхай усіх нас напоўніць дабро, што паходзіць з нашай веры. Учыні, каб усе мы адчувалі сябе братамі і сёстрамі, якія жывуць у спакоі, згодзе і любові ва ўласнай краіне».

Цалкам - па спасылцы.

Літанія да сямі балесцяў Найсвяцейшай Панны Марыі і Вяночак да Беззаганнага Сэрца Марыі

«Божа, Ты ўчыніў, што побач з Тваім укрыжаваным Сынам была Яго­ная Маці, якая цярпела разам з Ім. Да­зволь, каб Твой Касцёл удзельнічаў разам з Марыяй у муцы Хрыста і заслужыў удзел у Яго ўваскрасенні. Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн».

Цалкам - па спасылцы.

Літанія да Маці Божай Балеснай

«Праз гэтыя невымоўныя цярпенні, перанесеныя Табою без нараканняў, калі Ты стаяла пад крыжам і чула, як Твой Сын даручыў Цябе святому Яну, ускрыкнуў і аддаў свой дух у рукі Бога Айца, падтрымай нас».

Цалкам - па спасылцы.

Акт аддання сябе Езусу. Паводле дона Даліндо Руотала

«Калі вы шчыра кажаце Мне «будзь воля Твая», — а гэта тое самае, што сказаць: «Ты Сам гэтым займіся», — Я прыходжу на дапамогу з усёю Маёю ўсёмагутнасцю і вырашаю самыя невырашальныя сітуацыі. Вось ты бачыш, што няшчасці пераследуюць цябе і не адступаюць? Не турбуйся, заплюшчы вочы і скажы Мне з даверам: «Будзь воля Твая, Ты Сам гэтым займіся». Кажу табе, што Я гэтым займуся, што Я дапамагу як лекар і нават здзейсню цуд, калі будзе патрэбна».

Цалкам - па спасылцы.

Літанія да святога Яна Паўла ІІ

Той, хто палюбіў крыж Хрыста,                         — малiся за нас.
Той, хто верна рэалізуе пакліканне,
Трывалы ў цярпенні,
Узор жыцця і памірання для Пана Бога,
Той, хто павучае грэшнікаў,
Той, хто паказвае дарогу заблуканым,
Той, хто прабачае крыўдзіцелям,
Той, хто паважае праціўнікаў і ганіцеляў,
Заступнік і абаронца прыгнечаных,
Той, хто падтрымлівае беспрацоўных,
Той, хто клапоціцца пра бяздомных,
Той, хто наведвае вязняў,
Той, хто ўмацоўвае слабых,
Той, хто вучыць усіх салідарнасці,                     — малiся за нас.

Цалкам - па спасылцы.

Навэнна да святога Яна Паўла ІІ

«Супакой прыходзіць толькі тады, калі чалавечыя істоты імкнуцца да праўды і любові ў сваіх стасунках з іншымі, калі адкрываюць, кім яны на самай справе з’яўляюцца, і калі прызнаюць ролі і памкненні адзін аднаго».

Цалкам - па спасылцы.

Ружанец з кардыналам Казімірам Свёнткам

«Мяне ўтрымала і пры жыцці, і пры Богу мая моцная, непахісная вера. Часам здараліся сітуацыі (з людскога пункту погляду) сапраўды безнадзейныя. Хоць бы і тыя два месяцы, праведзеныя ў камеры смерці Брэсцкай турмы. Адтуль кожную ноч а 12-ай гадзіне людзей выводзілі на расстрэл. Я чакаў, калі адчыняцца дзверы ў маю камеру… Але ў душы быў перакананы, што выжыву. Зразумела, калі на тое будзе Божая воля».

Цалкам - па спасылцы.


Падрыхтавала Вольга Адамовіч
Фота: Sasha Avdevich, на фота: Ліда, людзі моляцца ля фарнага касцёла, 12.08.2020

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней